БЯГО́МЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі бел. партызан па вызваленні ад ням.-фаш. захопнікаў тэр. Бягомльскага р-на ў ліст.снеж. 1942 у Вял. Айч. вайну. Аперацыю праводзілі партыз. брыгады «Жалязняк» (вяла асн. баявыя дзеянні), «Дзядзькі Колі», асобныя атрады з брыгад Чашніцкай «Дубава», імя Даватара, «За Савецкую Беларусь» пад агульным кіраўніцтвам ваен. аператыўнага цэнтра Барысаўскай зоны. Каб паралізаваць рух праціўніка, партызаны разгарнулі баі на далёкіх камунікацыях на шляхах да Бягомля з Лепеля, Барысава, Докшыц, Мінска і інш. чыг. станцый і баз забеспячэння ворага, у выніку выбілі праціўніка з некалькіх апорных пунктаў, спалілі ўсе масты і пераправы, перакрылі шашэйныя дарогі на Плешчаніцы і Барысаў. 5—14 снеж. партызаны двайным рэйдам знішчылі вакол Бягомля невял. гарнізоны, масты, лініі сувязі. Да 20 снеж. раён быў вызвалены, утварылася Барысаўска-Бягомльская партыз. зона. У гонар Бягомльскай аперацыі ў Бягомлі помнік.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)